Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 11 Лістапад 2016 11:37

Выкладчыкі і студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму сталі ўдзельнікамі патрыятычнага злёту «З лампадаю Вечнага агню»

187Злёт прайшоў 4-6 лістапада 2016 года года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Мы гэтай памяці верныя!», прысвечанай 71-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

- Злёт праводзіцца штогод у Гродзенскім і Калінкавіцкім раёнах, - распавялі купалаўцы. - Мэта дадзенага мерапрыемства заключаецца ў актывізацыі і ўдасканаленні работы з моладдзю і навучэнцамі, выхаванні ў моладзі і падлеткаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця патрыятызму, вернасці баявым, гістарычным, працоўным традыцыям беларускага народа.

Падчас правядзення злёту ў Гомельскай вобласці выкладчыкі і студэнты кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін наведалі мемарыяльныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У Калінкавічах прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы ўсклалі кветкі і лампады да помніка «Смугнар», у в. Азарычы ўшанавалі памяць ахвяраў Халакосту, лагера смерці і палескіх партызан.

Асаблівую цікавасць у купалаўцаў выклікала наведванне аграгарадка Юравічы, вядомага сваімі гістарычнымі помнікамі.

- Тут знаходзяцца самае старажытнае ў Беларусі месца палявання чалавека на мамантаў, адно з найбуйнейшых гарадзішчаў перыяду Старажытнай Русі, а таксама былы езуіцкі комплекс XVIII стагоддзя, - адзначылі студэнты кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. - Зараз у ім размяшчаецца праваслаўны Свята-Раства-Багароднічны манастыр, дзе захоўваецца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай.

У ходзе візіту прайшлі прафарыентацыйныя гутаркі з навучэнцамі сярэдніх школ, кансультацыі па стварэнні школьных музейных экспазіцый. Таксама ўдзельнікі злёту абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ўстаноў адукацыі Калінкавіцкага раёна.

З усімі навінамі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму можна азнаёміцца тут.