Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 08 Лістапад 2016 11:03

Навукоўцы фізіка-тэхнічнага факультэта і прадстаўнікі навукова-практычнага цэнтра ГАУ МНС прадставілі сумесную распрацоўку на Міжнародным навуковым форуме

IMG 20161101 094812VII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Надзвычайныя сітуацыі: папярэджанне і ліквідацыя», прысвечаная 60-годдзю стварэння першага ў Рэспубліцы Беларусь навуковага падраздзялення ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і пажараў, аб'яднала вучоных і работнікаў розных падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з розных рэгіёнаў Беларусі , а таксама прадстаўнікоў замежжа.

Сярод удзельнікаў навукоўцы фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы і супрацоўнікі навукова-практычнага цэнтра Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, якія на выставе прадставілі сумесную распрацоўку «Магутная частотная электрагідраўлічная прылада для задач МНС і прамысловасці».

– Распрацоўка выканана пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі Вікенція Таркоўскага, - распавёў дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. - На выставе была прэзентаваная мадэль электрагідраўлічнай прылады ў маштабе 1:400 (па магутнасці). Гэтая распрацоўка можа вырашаць цэлы спектр задач: расколваць, драбіць, свідраваць, ушчыльняць, штампаваць. Самай важнай задачай прадстаўленай тэхналогіі з'яўляецца утылізацыя старых жалезабетонных пліт.

Варта адзначыць, што выстава ў рамках навуковага форуму была накіравана на павышэнне ўзроўню аснашчанасці праваахоўных органаў і спецслужбаў, арганізацый і прыватных асоб сучаснымі сродкамі абароны жыцця і здароўя людзей, аховы іх жылля і маёмасці, забеспячэнне бяспечных умоў на вытворчасці, у дарозе і на адпачынку, абароны ад зламысных замахаў, пажару, стыхійных бедстваў. Таксама сярод мэтаў выставы - далейшае развіццё навукова-тэхнічнай базы ў галіне бяспекі, інфармаванне спецыялістаў сферы бяспекі аб апошніх навукова-тэхнічных навінках і ўмацаванне сувязяў паміж навуковымі, прамысловымі і дзелавымі коламі.

З усімі навінамі фізіка-тэхнічнага факультэта можна азнаёміцца тут.