Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Лістапад 2016 14:37

У ГрДУ імя Янкі Купалы назвалі студэнта года - 2016

Screenshot 2

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вырашылася студэнцкая інтрыга года: з дванаццаці таленавітых купалаўцаў выбралі «Студэнта года - 2016». Віншаванні з перамогай прымала студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Вераніка Кажанеўская.

- Конкурс «Студэнт года» дазваляе купалаўцам раскрыць сябе з усіх бакоў, паказаць свае поспехі ў вучобе, навуцы і грамадскім жыцці, - вітаючы канкурсантаў, адзначыла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава і пажадала удзельнікам поспехаў, бескампраміснай барацьбы, а журы - сумленнага судзейства.

Нагадаем, што конкурс праходзіў у два этапы. На першым - завочным - удзельнікі прадстаўлялі партфоліо, відэаролік «Я – студэнт!» і маладзёжную ініцыятыву – сацыяльны праект. На другім - фінальным - купалаўцы спаборнічалі ў трох конкурсах.

У рамках «Візітнай карткі» ўдзельнікі нестандартна прэзентавалі сябе, свае здольнасці і таленты, расказвалі і паказвалі, як адбывалася іх станаўленне і сталенне, чым цікавяцца і чым жывуць, чаго хочуць дамагчыся. Напрыклад, студэнтка факультэта псіхалогіі Вераніка Зданоўская прадставіла свой жыццёвы шлях як будаўніцтва будынка, падмуркам якога выступаюць розныя каштоўнасці, поспехі і дасягненні. Студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну Аліна Міхаловіч у вершах распавяла пра сваё жыццё, а студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Андрэй Мартыновіч прачытаў рэп пра сябе.

На другім этапе - конкурсе аратарскага майстэрства - купалаўцы дэманстравалі не толькі сваё красамоўства, але і ўменне правільна, пераканаўча і ўпэўнена гаварыць. У адпаведнасці з тэмай конкурсу - «Мая родная Беларусь - крыніца прыгажосці і натхнення» - удзельнікі распавялі, чаму яны ганарацца сваёй Радзімай, чым славіцца наша краіна і якіх таленавітых людзей «узгадавала ўрадлівая беларуская ніва».

У рамках апошняга творчага конкурсу студэнты танцавалі, спявалі, ігралі на музычных інструментах, дэкламавалі вершы, паказвалі тэатралізаваныя і гумарыстычныя нумары, пераўвасабляліся ў іншых людзей, усяляк спрабуючы здзівіць і ўразіць журы і гледачоў. Так, выступ студэнта філалагічнага факультэта Андрэя Віктарава нікога не пакінула раўнадушным. Хлопец прымерыў на сябе вобраз бесклапотнага вясёлага студэнта з Індыі і з тыповым індыйскім акцэнтам праспяваў прыпеўкі. Студэнтка педагагічнага факультэта Вераніка Кажанеўская прысвяціла свой выступ творчасці вялікага беларускага песняра Уладзіміра Мулявіна, а студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну Аліна Міхаловіч не проста праспявала, а прадставіла светлавое шоў.

На працягу ўсіх конкурсаў за ўдзельнікаў актыўна «хварэлі» факультэцкія групы падтрымкі. Удзельнікі добра падрыхтаваліся: купалаўцы скандавалі крычалкі і нават выконвалі песні ў гонар канкурсантаў. Лепшымі групамі падтрымкі, на думку журы, сталі каманды філалагічнага факультэта, факультэта псіхалогіі і факультэта мастацтваў і дызайну. Усе каманды атрымалі прыемныя прызы ад прафкама студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Перамогу ў конкурсе «Студэнт года - 2016» атрымала студэнтка педагагічнага факультэта Вераніка Кажанеўская. Акрамя таго, у дзяўчыны аказалася лепшае партфоліо. Неўзабаве студэнтка прадставіць наш універсітэт на абласным этапе моладзевага конкурсу.

Дыплом II ступені і дыплом за лепшую маладзёжную ініцыятыву ўручылі студэнтцы філалагічнага факультэта Анастасіі Госцік. Нагадаем, што Анастасія прапанавала арганізаваць бясплатныя курсы па вывучэнні замежных моў у нашым універсітэце з прыцягненнем студэнтаў-валанцёраў.

Дыплом III ступені атрымала студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну Аліна Міхалковіч. Сярод узнагарод дзяўчыны - дыплом за лепшы відэаролік «Я - студэнт!».

Таксама былі названыя пераможцы ў наступных намінацыях:

у намінацыі «Студэнцкае адкрыццё» лепшай прызнана студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі Вольга Ходар;

у намінацыі «Творчасць» - студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Андрэй Мартыновіч;

у намінацыі «Візітная картка» - студэнтка факультэта псіхалогіі Вераніка Зданоўская;

у намінацыі «Класічны жанр» - студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Глінская;

у намінацыі «Студэнт-спартсмен года» - студэнт юрыдычнага факультэта Алег Галавач;

у намінацыі «Полікультурны дыялог» - студэнт філалагічнага факультэта Андрэй Віктараў;

у намінацыі «Сямейныя каштоўнасці» - студэнт педагагічнага факультэта Яўгеній Косач;

у намінацыі «Вясёлая і знаходлівая» - студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Наталля Крупіца;

у намінацыі «Майстар прамоўніцкага майстэрства» - студэнтка юрыдычнага факультэта Вікторыя Юркевіч.

У завяршэнні конкурсу дацэнт кафедры педагогікі і сацыяльнай работы, ідэйны натхняльнік конкурсу «Студэнт года» Таццяна Прудко выказала словы падзякі ўдзельнікам і ўсім тым, хто дапамагаў падрыхтавацца студэнтам, адзначыла з незвычайны крэатыў і талент, а галоўнае - жаданне не спыняцца на дасягнутым і ісці наперад.