Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 28 Кастрычнік 2016 09:19

Лепшага прапагандыста органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыя Гродзенскай вобласці выбіраюць у ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 1016У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, 27 кастрычніка 2016 года ў трэці раз стартаваў абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы прапагандыст органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Гродзенскай вобласці».

Яго ўдзельнікамі ў гэтым годзе сталі восем работнікаў груп прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бераставіцкага, Гродзенскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага, Карэліцкага, Ашмянскага і Астравецкага раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, а таксама студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму нашай ВНУ.

Павітаў аўдыторыю і накіраваў словы ўдзячнасці ў адрас кіраўніцтва купалаўскага ўніверсітэта начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло.

- Сувязі з грамадскасцю - важны напрамак для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Праводзячы прафілактычныя сустрэчы з насельніцтвам, мы папярэджваем гібель людзей, пажары і іншыя надзвычайныя сітуацыі, - адзначыў Сяргей Шпарло. - Менавіта ад удзельнікаў конкурсу залежыць тое, якім чынам мы да кожнага данясем інфармацыю, папярэдзім няшчасныя выпадкі.

Канкурсантам трэба будзе на працягу двух дзён - 27 і 28 кастрычніка - у арыгінальнай форме прадставіць сябе і расказаць пра сваю працу па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці, правесці журналісцкае расследаванне, прэзентаваць хатняе заданне і інавацыйны сацыяльны праект, накіраваны на вырашэнне актуальных праблем у галіне прапаганды бяспекі жыццядзейнасці, прайсці тэсціраванне і паказаць свае прамоўніцкія навыкі.

Ацэньваць выступленні ўдзельнікаў будзе журы ў складзе начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Шпарло, спецыяльнага карэспандэнта аб'яднанай рэдакцыі часопісаў «Юный спасатель» і «Служба выратавання» па Гродзенскай вобласці Наталлі Астроўскай, прадстаўнікоў кафедры журналістыкі - прафесара Аляксандра Мурашова, старшых выкладчыкаў Таццяны Лукашэнка і Сяргея Ляшук , а таксама загадчыка кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі Аляксандра Колышка.

Вынікі конкурсу і яго пераможцы стануць вядомыя 28 кастрычніка.

Конкурс прафмайстэрства ратавальнікаў накіраваны на ўдасканаленне арганізацыі і вядзення прапаганды ў галіне бяспекі жыццядзейнасці, выяўленне найбольш прафесійна падрыхтаваных работнікаў груп прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю гарадскіх і раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, а таксама павышэнне аўтарытэту іх работнікаў.