Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 24 Кастрычнік 2016 10:42

Актуальныя праблемы сусветнай мастацкай культуры абмеркавалі на факультэце мастацтваў і дызайну

IMG 2656Факультэт мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы 20-21 кастрычніка 2016 года сабраў навукоўцаў VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы сусветнай мастацкай культуры. Памяці прафесара У.Д. Разенфельда». Удзельнікамі навуковага мерапрыемства сталі прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны.

Павітаў навукоўцаў прарэктар па навуковай працы нашага ўніверсітэта Уладзімір Барсукоў, які адзначыў неабходнасць правядзення падобных навуковых сустрэч і пажадаў удзельнікам плённай працы падчас канферэнцыі.

На пленарным пасяджэнні перад аўдыторыяй выступілі навукоўцы нашага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава і Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. Удзельнікі гаварылі аб разнастайнасці культур у сучасным свеце і глабалізацыі, эстэтыцы і тэорыі мастацтва, праблемах і перспектывах сучаснага культурнага развіцця ў Беларусі і Расіі, закранулі аспекты якаснага вымярэння вынікаў мастацкай адукацыі і педагагічнае праектаванне і канструяванне на аснове мадэлі метаду «Музычных аналогій і імправізацыйнай кампазіцыі».

Працягнулася канферэнцыя секцыйнымі паседжаннямі, увага якіх была засяроджана вакол тэарэтычных і метадалагічных праблем вывучэння сусветнай мастацкай культуры, музыкі ў кантэксце сучаснай культуры, пытанняў метадалогіі і методыкі музычнай адукацыі, выяўленчага мастацтва і праблем сучаснага культурнага развіцця, а таксама тэарэтычных і практычных аспектах фарміравання дызайнера.

Завяршылася навуковае мерапрыемства круглым сталом, дзе навукоўцы падвялі вынікі работы канферэнцыі і вызначылі лепшыя навуковыя даклады, прадстаўленыя ўдзельнікамі.

З усімі навінамі факультэта мастацтваў і дызайну можна азнаёміцца тут.