Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 21 Кастрычнік 2016 12:56

Дэлегацыя Міжнароднага цэнтра дыяспары Рэспублікі Азербайджан наведала ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 8550Візіт адбыўся сёння, 20 кастрычніка. Ініцыятарам сустрэчы з акадэмічнай супольнасцю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выступіў азербайджанскі бок у асобе старшыні Міжнароднага цэнтра дыяспары Рэспублікі Азербайджан Ісмаіла Агаева.

Павітала гасцей першы прарэктар Ірына Кітурка.

– Мы рады бачыць вас у сценах нашага ўніверсітэта - шмат у чым унікальнай вышэйшай навучальнай установы сярод рэгіянальных ВНУ краіны. Задачы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адлюстраваны ў Місіі - выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу, - адзначыла Ірына Фёдараўна. - Рамкі міжкультурнага дыялогу нам фарміруе геапалітычнае размяшчэнне ўніверсітэта. Спадзяюся, наша сустрэча адкрые новыя гарызонты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У час сустрэчы бакі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў будучага ўзаемадзеяння. Асаблівую цікавасць азербайджанская дэлегацыя праявіла да падрыхтоўкі спецыялістаў сферы юрыспрудэнцыі, эканомікі і турызму.

Так, на юрыдычным факультэце ў цяперашні час навучаецца найбольшая колькасць замежных студэнтаў універсітэта, сярод іх - студэнты з Азербайджана. Усе яны атрымліваюць адукацыю па адной з выбраных спецыяльнасцяў - «Правазнаўства», «Эканамічнае права» або «Міжнароднае права».

- Мы гатовыя прыняць студэнтаў у магістратуру і аспірантуру для падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, - дадала дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава. - Больш за тое, у 2000-х на нашым факультэце свае дысертацыі паспяхова абаранілі два аспіранта з Баку.

Азербайджанскія студэнты вучацца таксама на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму і на факультэце эканомікі і кіравання. Тут для іх даступныя спецыяльнасці як на першай, так і на другой ступені атрымання вышэйшай адукацыі.

- На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму вучыцца ўсяго адзін студэнт з Азербайджана па міжурадавым пагадненні. Хлопец у свой час выйграў конкурс, дзе патрэбна было паказаць свае веды па гісторыі і культуры Беларусі, - распавёў намеснік дэкана Віктар Белазаровіч.

Прафесар кафедры фінансаў і бухгалтарскага ўліку факультэта эканомікі і кіравання, дырэктар навуковага цэнтра сацыяльна-эканамічных і міждысцыплінарных даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства Дзмітрый Караў казаў пра развіццё супрацоўніцтва ў гісторыка-культуралагічным кірунку.

У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на сустрэчы - сумесная распрацоўка магістарскіх праграм па шэрагу кірункаў, у тым ліку і на англійскай мове, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, правядзенне сумесных навуковых канферэнцый. Сярод бліжэйшых планаў - арганізацыя у адказ візітаў беларускай і азербайджанскай дэлегацый ва ўніверсітэты з мэтай наладжвання больш цеснага ўзаемадзеяння, а таксама падрыхтоўка праекта дагавора аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Міжнародным цэнтрам дыяспары Рэспублікі Азербайджан.