Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 18 Кастрычнік 2016 11:22

Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк сустрэўся са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы

2510 4Ідэя правесці сустрэчу са студэнтамі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія вывучаюць польскую мову і культуру, была прапанавана Генеральным консулам Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраславам Ксёнжэкам падчас ыізіту ў наш універсітэт у верасні бягучага года.

Нагадаем, што цікавасць госця да сферы адукацыі не выпадковая: сваю кар'еру ён пачынаў як выкладчык у Варшаўскім універсітэце, а пасля таго, як стаў дыпламатам, - сумяшчаў выкладанне і дыпламатычную працу.

Удзельнікамі сустрэчы, якая адбылася сёння, 17 кастрычніка, сталі таксама дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Вольга Мінава, загадчык кафедры польскай філалогіі Яўгеній Панькоў і дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры Вольга Панькова.

- Хацелася б прысвяціць нашу сустрэчу творчасці аднаго з выбітных кінарэжысёраў і сцэнарыстаў Анджэю Вайдзе, які, на жаль, пакінуў наш свет на мінулым тыдні. З яго імем звязана цэлая эпоха ў польскай кінакультуры, - адзначыў Яраслаў Ксёнжэк. - Акрамя таго, мне хацелася б пагутарыць з беларускімі студэнтамі, даведацца, чым яны жывуць і што іх цікавіць.

Пасля разгарнулася шырокая дыскусія, падчас якой купалаўцы задавалі пытанні, звязаныя з дыпламатычнай місіяй Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гродне, пашырэннем супрацоўніцтва Польшчы з Беларуссю на глебе культуры, узаемапранікненнем польскіх і беларускіх традыцый. Таксама студэнты цікавіліся асабістымі якасцямі Яраслава Ксёнжэка як чалавека, яго адукацыяй і дыпламатычнай кар'ерай. Нарэшце, адной з галоўных тэм стала творчасць тэатральнага і кінарэжысёра Анджэя Вайды: Генеральны консул падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачаных фільмаў гэтага культурнага дзеяча, адзначыў праблемы, якія рэжысёр закранаў у сваіх кінастужках, і парэкамендаваў купалаўцам да прагляду такія працы як «Канал» і «Попел і алмаз».

Завяршэннем сустрэчы стаў паказ аднаго з фільмаў А. Вайды «Зямля запаветная» і яго абмеркаванне.