Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 07 Кастрычнік 2016 13:58

У ГрДУ імя Янкі Купалы ўшаноўвалі ветэранаў універсітэта і горада

Screenshot 7Святочны канцэрт, падрыхтаваны студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, стаў завяршальным мерапрыемствам дэкады «Залаты век». У рамках акцыі ў Гродне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню пажылых людзей.

Словы падзякі і пажаданні моцнага здароўя і добрага настрою ў адрас ветэранаў прагучалі ад старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Георгіевіча Жука і старшыні Гродзенскага абласнога савета ветэранаў Івана Фёдаравіча Тустава.

У сценах купалаўскага ўніверсітэта гасцей павітала першы прарэктар Ірына Фёдараўна Кітурка.

- Пражытыя гады - гэта не ўзрост, пражытыя гады - гэта не багаж, пражытыя гады - гэта не ноша. Пражытыя гады - гэта здабытак, - адзначыла Ірына Фёдараўна. - Жадаю вам мудрасці, якую вы штодня перадаеце сваім дзецям і ўнукам, моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, поспеху і напаўняць кожны свой дзень бязмежнай любоўю.

Павіншаваў прысутных і старшыня ветэранскай арганізацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Міхаіл Вікенцьевіч Васілючак.

Для гасцей свята купалаўцы падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму. Студэнты выканалі Гімн ветэранаў Рэспублікі Беларусь, а калектыў народнага танца «Купальскі вянок» прадставіў харэаграфічную кампазіцыю «Беларусь адна». З музычнымі віншаваннямі выступілі «народны» мужчынскі вакальны ансамбль «Гарадзенцы», дуэт студэнтаў-баяністаў факультэта мастацтваў і дызайну Максіма Казуленка і Ягора Савіцкага, студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі Алена Ашмянчук і студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну Ксенія Кніга, выпускнік універсітэта, выкладчык Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Яўгеній Захарка і студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Мікіта Чубрык. Таксама музычныя кампазіцыі выканалі заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна «Знак Пашаны СССР», выдатнік асветы БССР Галіна Мікалаеўна Качалава і салістка студыі «Свет юных зорак» Анастасія Гараева.

Асаблівыя словы і віншаванні ад адміністрацыі, выкладчыкаў і студэнтаў купалаўскага ўніверсітэта былі накіраваныя ў адрас дацэнта юрыдычнага факультэта Віктара Іванавіча Атрэшчанкава і прафесара факультэта матэматыкі і інфарматыкі Лідзіі Уладзіміраўны Кірылюк ў гонар іх 90-годдзя.