Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Кастрычнік 2016 08:54

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у працы адкрытага робататэхнічнага фестывалю «РобоФест-Беларусь»

2333 9Робататэхнічны фестываль «РобоФест-Беларусь» сабраў дзясяткі ўдзельнікаў у Мінскім дзяржаўным Палацы дзяцей і моладзі.

Сярод іх загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Уладзіміравіч Каляга, кіраўнік секцыі інфарматыкі Школы дакладных навук факультэта матэматыкі і інфарматыкі, старшы выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютэрнай бяспекі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўгеній Уладзіміравіч Дзірвук, спецыяліст інавацыйнага адукацыйнага цэнтра педагагічнага факультэта Ганна Антонаўна Альшэўская, студэнты 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Раманоўскі і Уладзіслаў Лапыш.

Прадстаўнікі купалаўскага ўніверсітэта наведалі інтэрактыўную выставу, дзе ўдзельнікам дэманстравалі прамысловыя і бытавыя робаты, радыёкіраваныя мадэлі і аксэсуары дапоўненай рэальнасці.

На адкрытых пляцоўках фестывалю можна было сабраць робата або дрона, змайстраваць электроннага памочніка з паперы або кардона, зрабіць і запусціць уласную ракету, правесці навуковы эксперымент, стварыць і раздрукаваць 3D-мадэль. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі спаборніцтвы па робататэхніцы, падчас якіх мадэлі, створаныя і запраграмаваныя юнымі ўдзельнікамі, змагаліся паміж сабой у шпаркасці, сіле і дакладнасці здзяйснення дзеянняў.

Дэлегацыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыняла ўдзел у майстар-класах «Наборы Lego Education Wedo для развития творческих способностей учащихся» и «Возможности технического творчества на платформе Arduino», падчас працы якіх пазнаёмілася з перспектыўнымі напрамкамі адукацыйных і тэхнічных інавацый.

Варта адзначыць, што заняткі па робататэхніцы ўжо не першы год арганізуюцца ў рамках секцыі інфарматыкі Школы дакладных навук факультэта матэматыкі і інфарматыкі.

- У дзяцей, якія займаюцца робататэхнікі, назіраецца высокі ўзровень матывацыі, для многіх з іх гэта першы станоўчы вопыт каманднага ўзаемадзеяння. Ствараючы робатаў, яны раскрываюць свой творчы патэнцыял, вучацца акуратнасці і руплівасьці ў працы, закладваюць добры падмурак для паступлення на інжынерныя і IT-спецыяльнасці купалаўскага ўніверсітэта, - распавёў кіраўнік секцыі інфарматыкі Школы дакладных навук факультэта матэматыкі і інфарматыкі, старшы выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютэрнай бяспекі Яўген Уладзіміравіч Дзірвук.

У новым навучальным годзе заняткі па робататэхніцы будуць праводзіцца ў інавацыйным адукацыйным цэнтры педагагічнага факультэта на секцыі «Займальная матэматыка».