Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 14 Верасень 2016 11:11

Супрацоўнікі навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы пазнаёміліся з вопытам інфармацыйнага абслугоўвання ў бібліятэках Лімерыкскага ўніверсітэта (Ірландыя)

2065 4Супрацоўнікі навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшлі двухтыднёвы трэнінг у Лімерыкскім інстытуце тэхналогій (Ірландыя). Сустрэчы прайшлі ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Сэрвісы падтрымкі бібліятэчнай сеткі: мадэрнізацыя бібліятэк у Арменіі, Малдове і Беларусі пры дапамозе развіцця персаналу і рэфармавання бібліятэк» праграмы Erasmus +.

Падчас трэнінгаў супрацоўнікі навуковай бібліятэкі купалаўскага ўніверсітэта разгледзелі шэраг пытанняў. Сярод іх увядзенне ў маркетынг для бібліятэкараў, асновы менеджменту для бібліятэчнага персаналу, інфармацыйная пісьменнасць і навыкі пошуку, інавацыйныя онлайн сэрвісы бібліятэк для бібліятэкараў XXI стагоддзя, доступ да бібліятэк і грамадству для навучэнцаў з асаблівымі патрэбамі/інваліднасцю, стратэгіі развіцця бібліятэчнага фонду і англійская для спецыяльных мэтаў.

– Мы правялі і прадставілі SWOT-аналіз навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сумесна з калегамі з бібліятэк беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, якія ўдзельнічаюць у праекце, прэзентавалі маркетынгавую стратэгію правядзення нацыянальнага дня бібліятэчнай пісьменнасці ў Рэспубліцы Беларусь, - распавялі супрацоўнікі навуковай бібліятэкі нашай alma mater.

У час знаходжання ў горадзе Лімерык прадстаўнікі беларускай дэлегацыі пазнаёміліся з вопытам інфармацыйнага абслугоўвання ў бібліятэках Лімерыкскага інстытута тэхналогій, а таксама Лімерыкскага ўніверсітэта. Варта адзначыць, што ў бібліятэках вышэйшых навучальных устаноў горада прымяняюцца RFID-сістэмы для аўтаматызацыі кнігавыдач/вяртання, RFID-карты чытачоў, ахоўныя вароты RFID.

Па выніках трэнінгу сярод універсітэтаў-партнёраў былі размеркаваны модулі для далейшай распрацоўкі навучальных праграм. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўзяў на сябе адказнасць за распрацоўку электронных бібліятэк.