Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 05 Верасень 2016 14:47

Урачыстае пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта, прысвечанае пачатку новага навучальнага года, адбылося ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 9029Больш за 600 выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сабрала ўрачыстае пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта, прысвечанае Дню Ведаў і пачатку навучальнага года. Ганаровым госцем сустрэчы стаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Віктар Андрэевіч Лісковіч.

Адкрыў пасяджэнне і павіншаваў прысутных з Днём ведаў рэктар Андрэй Дзмітрыевіч Кароль.

– Першае верасня - гэта не толькі свята, але і адначасова дзень, калі падводзяцца вынікі мінулага этапу і ставяцца задачы на новы. У сувязі з гэтым жадаю ўсім моцнага здароўя, добрых і пазітыўных эмоцый, быць у гармоніі і згодзе з самім сабой, а таксама мэтаў, якія будуць працаваць на стварэнне, і спрыяльных умоў для рэалізацыі пастаўленых задач, - падкрэсліў рэктар.

Затым Андрэй Дзмітрыевіч прадставіў даклад, у якім адзначыў асноўныя навуковыя, навучальныя, эканамічныя, спартыўныя і іншыя дасягненні ўніверсітэта за 2015/2016 навучальны год. Сярод такіх поспехаў пацвярджэнне звання лаўрэата Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь, атрыманне высокіх дзяржаўных узнагарод вядучымі навукоўцамі ўніверсітэта, актыўнае і плённае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, развіццё адукацыйных інавацый і многае іншае. Рэктар акцэнтаваў увагу аўдыторыі на тым, што адным са значных дасягненняў мінулага навучальнага года ў сферы СМІ з'яўляецца стварэнне Інавацыйнага медыйнага кластара. У сферы міжнароднага супрацоўніцтва - падпісанне 14 новых дагавораў аб узаемадзеянні з арганізацыямі і ВНУ шэрагу краін і поспех у правядзенні Летняй школы рускай мовы - 2016 г. У сферы спорту - срэбраны медаль аспіранта ГрДУ імя Янкі Купалы Івана Ціхана на Алімпійскіх гульнях у Рыа. Таксама Андрэй Дзмітрыевіч распавёў, што ў мінулым навучальным годзе была прынятая новая стратэгія развіцця нашай навучальнай установы на 2016-2020 гг.

Акрамя таго, рэктар пазначыў новыя задачы і прыярытэтныя напрамкі развіцця ВНУ на наступны навучальны перыяд. Гэта пашырэнне інтэрнацыяналізацыі адукацыі і, як следства, экспарту адукацыйных паслуг, павелічэнне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, супрацоўнікаў і выкладчыкаў нашай альма-матэр, магчымасць сеткавай падрыхтоўкі спецыялістаў сумесна, перш за ўсё, з універсітэтамі Кітая і шэраг іншых планаў.

Ад імя старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.У. Краўцова з пачаткам новага навучальнага года прысутных павіншаваў яго намеснік Віктар Андрэевіч Лісковіч. Госць нагадаў, што 11 верасня ў Беларусі адбудзецца важная палітычная падзея. У сувязі з гэтым Віктар Андрэевіч заклікаў акадэмічную грамадскасць універсітэта выканаць свой грамадзянскі абавязак перад дзяржавай і выбраць годных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У рамках мерапрыемства прайшло ўшанаванне спартсменаў. Срэбраны прызёр XXXI Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра, аспірант нашай альма-матэр Іван Рыгоравіч Ціхан быў узнагароджаны каштоўным падарункам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Студэнты Лізавета Расанава і Аляксей Ажэль атрымалі з рук рэктара падзячныя лісты.

Таксама падзячныя лісты былі ўручаны 18 супрацоўнікам ГрДУ імя Янкі Купалы, якія ў мінулым навучальным годзе абаранілі доктарскую і кандыдацкія дысертацыі і атрымалі навуковую ступень. Асаблівай увагі былі ўдастоены і навуковыя кіраўнікі, якія плённа супрацоўнічалі з маладымі навукоўцамі падчас напісання дысертацый. У слове ў адказ доктар філасофскіх навук, дацэнт кафедры філасофіі педагагічнага факультэта Алег Аляксандравіч Раманаў адзначыў, што абарона кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый мае для дзяржавы стратэгічнае значэнне: навуковыя даследаванні спрыяюць развіццю ўсіх сфер дзейнасці ў краіне. Алег Аляксандравіч падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за шматмерную і комплексную падтрымку навукоўцаў, а кафедры і структурным падраздзяленням - за навуковую і арганізацыйную дапамогу пры падрыхтоўцы дысертацый.

Рэктар уручыў  ліст з напутствам маладым выкладчыкам, сярод якіх выпускнікі нашай альма-матэр і іншых ВНУ краіны. Выкладчык-стажор Юлія Навагран ад імя ўсіх выказала пашану выкладчыкам і пажадала ім аптымізму, энергіі і рэалізацыі задуманых праектаў.