Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 08 Ліпень 2016 12:48

У ГрДУ імя Янкі Купалы стартавала прыёмная кампанія

14757 28 ліпеня - першы дзень прыёмнай кампаніі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Рэгістравацца і падаваць дакументы для паступлення на выбраную спецыяльнасць купалаўскай ВНУ абітурыенты пачалі з першых хвілін працы прыёмнай камісіі.

Будучых студэнтаў у сценах універсітэта вітаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі. Звяртаючыся да дзяцей і бацькоў, якія прыйшлі падрымаць іх, першы прарэктар Ірына Фёдараўна Кітурка адзначыла, што місія ВНУ накіравана на тое, каб выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу. У цяперашні час у ГрДУ імя Янкі Купалы створаны ўсе ўмовы, каб дапамагчы кожнаму раскрыцца і паказаць свае магчымасці. «Абітурыенты, якія прыйшлі ў наш універсітэт у першы дзень, паказалі сваю ўпэўненасць у абранай ВНУ і зрабілі правільны выбар», - падкрэсліла Ірына Фёдараўна.

Сярод першых абітурыентаў тры дзяўчыны - медалісткі і тыя, хто набраў найвышэйшыя балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Ім першы прарэктар і адказны сакратар прыёмнай камісіі ўручылі сувеніры ад купалаўскага ўніверсітэта.

Пасля дзяўчаты падзяліліся сваімі планамі і распавялі, чым абумоўлены выбар спецыяльнасці.

Выпускніца гімназіі № 2 г. Гродна, удзельніца VII форуму "Перспектывы здольнай і таленавітай моладзі" Дар'я Друцько вырашыла стаць інжынерам-праграмістам, і таму паступае на спецыяльнасць "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" факультэта матэматыкі і інфарматыкі. «Я заўсёды была захоплена дакладнымі навукамі. Вельмі добра здала ЦТ і прыняла рашэнне звязаць сваё жыццё з матэматыкай». Па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання Дар'я набрала 100 балаў па фізіцы і 96 балаў - па рускай мове, а яе выніковая сума балаў склала 379.

Марыя Буяк з Дзятлаўскага раёна скончыла Казлоўшчынскую сярэднюю школу з залатым медалём. Абрала для сябе спецыяльнасць «Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)» факультэта біялогіі і экалогіі. «Мне заўсёды былі блізкія біялогія і хімія як навукі пра складаныя працэсы і з'явы, якія адбываюцца вакол нас. Вельмі спадзяюся, што ў сценах універсітэта я стану высокапрафесійным біёлагам або выкладчыкам біялогіі і хіміі», - распавяла Марыя.

А выпускніца Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Вераніка Санчук падала дакументы на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Яе мара - быць спецыялістам па інфармацыі і камунікацыі. Па выніках ЦТ дзяўчына набрала вышэйшы бал па грамадазнаўстве, а агульная сума балаў склала 345.

Нагадваем, што прыём дакументаў на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі будзе праходзіць да 14 ліпеня ўключна, на платную - да 1 жніўня па адрасе: вул. Леніна, 32 з 9.00 да 18.00.

У гэтым годзе набор у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ажыццяўляецца па 53 спецыяльнасцях. Таксама павялічана колькасць месцаў прыёму на бюджэтную форму навучання: іх стала на 25 больш і агульная колькасць складае 1130 месцаў (дзённая форма - 870, вячэрняя - 45, завочная - 215). Пазабюджэтны набор застаецца на ўзроўні мінулага года - 1694 месцы.

Акрамя таго, адкрыты набор на новую спецыяльнасць «Мытная справа». Першакурснікамі гэтай спецыяльнасці стануць 25 маладых рабят, сярод якіх 20 будуць вучыцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у іх ліку 8 студэнтаў па мэтавым наборы. Навучанне будзе насіць практыка-арыентаваны характар: акрамя прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта заняткі будуць праводзіць супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні.

Аб ходзе прыёмнай кампаніі ў ГрДУ імя Янкі Купалы можна даведацца больш на сайце www.abit.by.