Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Чэрвень 2016 08:50

Даследчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у Міжнародных Ажэшкаўскіх чытаннях

14628 3Мерапрыемства праводзілася пад кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Арганізатарамі чытанняў, прысвечаных 175-годдзю з дня нараджэння пісьменніцы Элізы Ажэшкі, выступілі навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел як супрацоўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, так і даследчыкі жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі з іншых адукацыйных і культурных устаноў Беларусі і Польшчы.

Адкрыццё Міжнародных Ажэшкаўскіх чытанняў пачалося з агляднай экскурсіі па мемарыяльным зале дома-музея Элізы Ажэшкі, экспазіцыя якога прысвечана жыццю і творчаму шляху пісьменніцы. Пасля гэтага адбыўся навуковы блок мерапрыемства. Праз прызму сучасных даследаванняў удзельнікі і госці мерапрыемства разглядзелі Элізу Ажэшка з другога, невядомага ім раней боку. Прысутныя змаглі акунуцца ў атмасферу дзяцінства і малой радзімы пісьменніцы. Не абмінулі школьныя і ўніверсітэцкія гады знакамітай гродзенкі. Успаміналі цікавыя факты жыцця і творчасці, абмяркоўвалі праблематыку рамана «Над Нёманам», згадвалі, на якія мовы свету перакладзены творы пісьменніцы, зачытвалі ўрыўкі з лістоў Элізы Ажэшкі яе шматлікім сябрам. Даследчыкі раскрылі невядомыя рысы характару Элізы як жанчыны сваёй эпохі.

Пасля навуковай часткі госці далучыліся да дабрачыннага свята для дзяцей-сірот з конкурсамі, праходжаннем станцый і ўручэннем падарункаў. Было праведзена ўрачыстае гашэнне маркіраванага канверта, прысвечанага юбілею Элізы Ажэшкі. Прысутныя таксама прынялі ўдзел у традыцыйнай акцыі «Чытаем разам». Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да помніка вядомай пісьменніцы.