Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 22 Чэрвень 2016 11:12

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол з удзелам намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктара Віктаравіча Якжыка (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

14601 4Мерапрыемства адбылося ў рамках Рэспубліканскага практыка-арыентаванага семінара «Інфарматызацыя выхаваўчага працэсу ў вышэйшай школе», які на працягу двух дзён праходзіў у ГрДУ імя Янкі Купалы.

Удзел у семінары прынялі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы і кіраўнікі выхаваўчых падраздзяленняў ВНУ краіны, якія дзяліліся вопытам, прадстаўлялі свае распрацоўкі і абмяркоўвалі аспекты выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у выхаваўчым працэсе ў вышэйшай школе. Акрамя таго, адбылася прэзентацыя аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Электронны журнал куратара» - ініцыятыўнай сумеснай распрацоўкі супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Распрацоўку гасцям купалаўскага ўніверсітэта прадставілі метадыст аддзела ГрДУ імя Янкі Купалы Вераніка Іосіфаўна Кузьміч, вядучы інжынер-праграміст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Аляксандраўна Клімук і інжынер-праграміст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксей Яўгеньевіч Кавалько. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяны Анатольеўны Сіманоўскай, электронны журнал куратара дасць магчымасць устанавіць сувязь паміж рознымі ўзроўнямі сістэмы выхаваўчага працэсу, а таксама спрасціць і аптымізаваць працу куратараў вучэбных груп. Першым распрацоўку ў якасці эксперыменту укарэніць ГрДУ імя Янкі Купалы. У далейшых планах - укараненне сістэмы ва ўсе ВНУ краіны.

Праграму семінара завяршыў круглы стол з удзелам намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктара Віктаравіча Якжыка. У сваім слове ён адзначыў, што феномен інфарматызацыі грамадства мы павінны выкарыстаць на карысць развіцця выхаваўчага працэсу. «Стала традыцыяй тое, што Гродзенскі ўніверсітэт выступае наватарам многіх паспяховых ідэй у навучальным і выхаваўчым працэсе, у тым ліку і ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій», - падкрэсліў Віктар Віктаравіч.

Удзельнікі круглага стала таксама абмеркавалі некаторыя аспекты канцэпцыі бесперапыннага выхавання студэнтаў, пытанні арганізацыі студэнцкага вольнага часу і падвялі вынікі працы мінулага навучальнага года ў сферы выхаваўчай працы. Акрамя таго, размова ішла і аб грамадска-значных падзеях у жыцці краіны і актыўным удзеле ў іх студэнтаў.