Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 13 Чэрвень 2016 16:07

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прыступілі да працы важатымі ў дзіцячым санаторна-аздараўленчым комплексе ў Анапе

14570 2Другі год запар студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы ў складзе педагагічнага атрада працуюць важатымі ў дзіцячым санаторна-аздараўленчым комплексе «Жамчужына Расіі». Першы заезд важатых стартаваў 1 чэрвеня і працягнецца да 15 ліпеня.

9 студэнтаў нашага універсітэта ўвайшлі ў склад педагагічнага атрада, які ў пачатку чэрвеня адправіўся ў г. Анапа Расійскай Федэрацыі. Студэнты будуць працаваць важатымі на працягу дзвюх змен. Другі педагагічны атрад, у які таксама ўвайшлі прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, прыступіць да працы 15 ліпеня і прабудзе ў Анапе да 31 жніўня.

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы працуюць важатымі ў дзіцячых лагерах на ўзбярэжжы Чорнага мора з 2013 года. За гэты час педагагічныя атрады Гродзеншчыны паспелі пабываць у Ейску, Геленджыку, Анапе.

У 2015 годзе педагагічны атрад Гродзенскай вобласці пад назвай «Дзеці Нёмана» упершыню працаваў у ДСАК «Жамчужына Расіі». Дарэчы, ДСАК «Жамчужына Расіі» з'яўляецца трэцім па буйнасці дзіцячым лагерам у Расіі: на працягу лета там адпачывае больш за 7000 дзяцей. Па выніках працоўнага семестра 2015 года атрад стаў другім з лепшых студэнцкіх атрадаў Беларусі, якія працавалі за межамі краіны, і лепшым у Гродзенскай вобласці.

Нагадаем, што студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы таксама ўвайшлі ў склад будаўнічых, сэрвісных і добраахвотных атрадаў. Студэнты інжынерна-будаўнічага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо працуюць на будоўлі аб'ектаў Беларускай АЭС у г. Астравец. У пунктах цэнтралізаванага тэсціравання пачалі працу сэрвісныя студэнцкія атрады. За лета студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы дапамогуць адрамантаваць карпусы і інтэрнаты ўніверсітэта, прымуць удзел ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, папрацуюць у прыёмнай камісіі і на прадпрыемствах нашага горада.