Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 02 Чэрвень 2016 09:43

Выстава-конкурс дзіцячага малюнка «Каларыт» адкрылася ў галерэі «UNIVERSUM» ГрДУ імя Янкі Купалы

14453 3У Міжнародны дзень абароны дзяцей у галерэі «UNIVERSUM» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы-конкурсу дзіцячага малюнка «Каларыт».

У гэтым годзе выстава накіравана на падтрымку таленавітых дзяцей, іх творчага развіцця і прысвечана Году культуры. У экспазіцыі прадстаўлены 39 работ дзяцей ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў - вучняў гімназіі № 5 і сярэдняй школы № 16 г. Гродна. Малюнкі выкананы ў такіх тэхніках, як гуаш, акварэль, аловак.

У сценах купалаўскай ВНУ павітаў рабят і павіншаваў іх з пачаткам летніх канікул прарэктар Мікалай Іванавіч Войтка, які пажадаў дзецям стаць не проста добрымі мастакамі, а сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, тымі, што любяць і апяваюць Радзіму ў сваіх творах.

Цёплыя словы ў адрас рабят прагучалі і ад Міхаіла Леанідавіча Цыбульскага, дацэнта кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Члена Беларускага саюза мастакоў, старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі на факультэце мастацтваў і дызайну нашай ВНУ.

Павіншавалі ўніверсітэт з адкрыццём новай экспазіцыі, а дзяцей - са святам дырэктар гімназіі № 5 г. Гродна Вольга Генадзьеўна Хітрушка і завуч па вучэбнай працы сярэдняй школы №16 г. Гродна Таццяна Вітальеўна Ленец. Прадстаўнікі школ падзякавалі супрацоўнікам ГрДУ імя Янкі Купалы за магчымасць выстаўляць працы дзяцей і паказваць іх творчыя здольнасці.

У канцы адкрыцця экспазіцыі прарэктар Мікалай Іванавіч Войтка і загадчык кафедры выяўленчага мастацтва Анатолій Іванавіч Бурчык уручылі рабятам дыпломы лаўрэатаў I, II і III ступеняў, а таксама дыпломы ў намінацыях «Я малюю свет», «Казачны свет», «Беларуская палітра», «Цудоўны край»,«Гартаючы старонкі гісторыі», «Маляўнічы свет» і«Захавальнік традыцый».

З музычным віншаваннем перад гасцямі выступілі студэнткі факультэта мастацтваў і дызайну Крысціна Пронская і Ксенія Радзевіч.