Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 12 Май 2016 14:08

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у «Студэнцкай вясновай канферэнцыі 2016» праграмы «Балтыйскі ўніверсітэт»

14213 3Больш за 80 студэнтаў з 13 краін Балтыйскага рэгіёну сабраліся ў г. Ратнікі (Латвія) на «Студэнцкай вясновай канферэнцыі 2016», якая праходзіла ў межах Праграмы «Балтыйскі Універсітэт». Сярод удзельнікаў прадстаўнікі Беларусі, у ліку якіх студэнты юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ганна Кастракова і Аляксей Апуневіч.

Асноўнай задачай канферэнцыі стала падрыхтоўка сумеснага праекта «Як зрабіць музычны фестываль "LABA DABA" ("лагоднасць") больш устойлівым». Студэнтам прапанавалі распрацаваць дарожную карту па паляпшэнні і ўзбагачэнні латышскага фестывалю з улікам аспектаў экалагічнай, сацыяльнай і эканамічнай устойлівасці дадзенага рэгіёну.

Ужыўшы веды, атрыманыя падчас лекцый па пытаннях устойлівага развіцця ў Літве і Латвіі, купалаўцы разам з прадстаўнікамі еўрапейскіх універсітэтаў распрацавалі праект і прадставілі яго экспертнай камісіі. Журы высока ацаніла дарожную карту удзельнікаў: па выніках працы канферэнцыі студэнты былі ўзнагароджаны сертыфікатамі.

У цэлым у рамках канферэнцыі для ўдзельнікаў былі арганізаваны розныя творчыя і забаўляльныя мерапрыемствы. Так, нашы студэнты прымалі ўдзел у выставе постэраў, дзе прадставілі свой плакат з кароткай інфармацыяй пра Рэспубліку Беларусь і аб студэнцкіх ініцыятывах, накіраваных на распаўсюд ведаў пра мэты, каштоўнасці, ідэі ўстойлівага развіцця сярод насельніцтва Гродзенскага рэгіёна. Адукацыйна-педагагічную падтрымку пры падрыхтоўцы постэра аказалі старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Алена Мікалаеўна Джух і дацэнт кафедры экалогіі Вольга Яўгеньеўна Крамлёва.

Акрамя таго, для ўдзельнікаў сустрэчы правялі экскурсіі па горадзе, навучанне латвійскім народным танцам, вечар танцаў з ды-джэямі фестывалю «LABA DABA» і кабарэ-вечарыну.

Варта адзначыць, што ўдзел у такім мерапрыемстве дазволіў купалаўцам атрымаць практычны вопыт у распрацоўцы вучэбнага праекта з улікам экалагічнай, сацыяльнай і эканамічнай устойлівасці рэгіёну. Такія мерапрыемствы спрыяюць развіццю супрацоўніцтва і партнёрства нашай ВНУ з міжнароднымі арганізацыямі.

 

Даведка

Праграма «Балтыйскі ўніверсітэт» – гэта міжнародны сумесны праект. Яго ўдзельнікі - каля 200 універсітэтаў з 14 краін, тэрыторыя якіх поўнасцю або часткова уваходзіць у басейн Балтыйскага мора. Гэта Беларусь, Германія, Данія, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Расія, Славакія, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швецыя і Эстонія.

Праграма каардынуецца Упсальскім ўніверсітэтам (Швецыя) і накіравана на вывучэнне розных аспектаў экалагічна-рацыянальнага развіцця навакольнага асяроддзя Балтыйскага рэгіёну. Прыярытэтнымі напрамкамі дадзенага праекта з'яўляюцца пытанні аховы навакольнага асяроддзя, ўстойлівага развіцця і дэмакратычных пераўтварэнняў у рэгіёне з дапамогай правядзення адукацыйных ініцыятыў і ўмацавання ролі ўніверсітэтаў у грамадстве.