Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 20 Красавік 2016 16:30

У ГрДУ імя Янкі Купалы з двухдзённым візітам знаходзілася дэлегацыя з Універсітэта ў Беластоку на чале з рэктарам Леанардам Этэлем (АБНОЎЛЕНА)

13927 2

Калегі з Польшчы прыбылі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, каб абмеркаваць з кіраўніцтвам ВНУ і дэканамі факультэтаў вынікі ўзаемадзеяння і намеціць канкрэтныя крокі па рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва ў рамках дамовы, падпісанай у снежні 2015 года паміж дзвюма ўстановамі вышэйшай адукацыі.

У першы дзень візіту, 19 красавіка 2016 года, адбыўся круглы стол «Міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва ва ўмовах памежжа». Рэктар купалаўскага ўніверсітэта Андрэй Дзмітрыевіч Кароль і рэктар Універсітэта ў Беластоку, прафесар Леанард Этэль падкрэслілі, што супрацоўніцтва паміж ВНУ развіваецца на годным узроўні.

Сёння ГрДУ імя Янкі Купалы ўзаемадзейнічае з універсітэтам ў Беластоку ў рамках двух дагавораў - аб супрацоўніцтве, падпісаным у снежні 2015 года, і аб стварэнні Сеткі ўніверсітэтаў памежжа, завераным у 2013 годзе. Актыўнымі формамі сумеснай работы двух ВНУ з'яўляецца арганізацыя стажыровак, абменаў і навучання, правядзенне шматлікіх навуковых мерапрыемстваў, а таксама ўдзел студэнтаў у Школе нямецкага права і спартыўных спаборніцтвах. Асабліва паспяхова супрацоўніцтва ўнівэрсітэтаў у сферы біялогіі і эканомікі. Акрамя таго, з мэтай ўсебаковага ўзаемадзеяння распрацаваны праграмы супрацоўніцтва па асобных напрамках.

Падчас круглага стала бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі сумеснай работы, сярод якіх прыярытэтнымі назвалі супрацоўніцтва ў сферы філалогіі, інфарматыкі, матэматыкі і фізікі. Акрамя таго, акцэнтавалі ўвагу на арганізацыі сумесных навуковых даследаванняў, канферэнцый, публікацыі навуковых артыкулаў, падрыхтоўцы кадраў на II і III ступенях адукацыі і развіцці акадэмічнай мабільнасці сярод студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў.

У другі дзень візіту адбылася сустрэча рэктараў двух універсітэтаў, на працягу якой былі вызначаны далейшыя крокі па развіцці супрацоўніцтва.

У гэты час дэканы польскай ВНУ наведалі факультэты купалаўскага ўніверсітэта, дзе пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай кафедраў і лабараторый, дэталёва абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння і сумеснай працы.

У рамках візіту гасцям прапанавалі культурна-забаўляльную праграму: экскурсію па ўніверсітэце і горадзе, а таксама наведванне агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскі маентак Каробчыцы».