Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 18 Красавік 2016 10:25

Пра актуальныя праблемы сучаснай псіхалогіі гаварылі на факультэце псіхалогіі

5 ec6318f70cТрадыцыйная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы сучаснай псіхалогіі» 12 красавіка 2016 года ў 16-ы раз у сценах купалаўскай ВНУ сабрала студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Адкрыла канферэнцыю і павітала гасцей намеснік дэкана па навуковай працы факультэта псіхалогіі нашай ВНУ Ганна Віктараўна Ракіцкая.

На пленарным пасяджэнні ўдзельнікі пазнаёміліся з вынікамі эмпірычных даследаванняў аспіранта нашага ўніверсітэта Васілія Кадзевіча, студэнтак факультэта псіхалогіі Ганны Шчыткоўскай і Аляксандры Адаська, а таксама студэнта ГрМУ Расціслава Мельнікава.

На секцыях студэнты гаварылі пра актуальныя праблемы сучаснага грамадства: абмяркоўвалі гатоўнасць жанчын да мацярынства, фактары, якія перашкаджаюць зараджэнню і рэалізацыі суіцыдальных намераў, каштоўнасныя арыентацыі падлеткаў, гульнявую камп'ютарную залежнасць, эфектыўнасць вучэбнай дзейнасці, вобраз настаўніка ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту. У працэсе дыскусіі, якая адбылася пасля прадстаўлення дакладаў, удзельнікі змаглі задаць адзін аднаму пытанні і абмяняцца ўражаннямі аб даследаваннях.

У рамках канферэнцыі выкладчык эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі Сяргей Аляксандравіч Іваноў правёў майстар-клас «Апрацоўка дадзеных псіхалагічнага даследавання сродкамі пакета SPSS», падчас якога пазнаёміў удзельнікаў з магчымасцямі працы ў праграме SPSS пры апрацоўцы дадзеных ўласных эмпірычных даследаванняў.

Удзельнікі канферэнцыі адзначылі актуальнасць прадстаўленых дакладаў, высокую практыка-арыентаваную накіраванасць майстар-класа, а таксама добразычлівую атмасферу і высокі ўзровень арганізацыі навуковага мерапрыемства.

З усімі навінамі факультэта псіхалогіі можна азнаёміцца тут.