Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 15 Красавік 2016 08:55

Творчасці знакамітых людзей Беларусі прысвяцілі выступы ўдзельнікі грамадзянска-патрыятычнага марафону «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь» ГрДУ імя Янкі Купалы

13876 2Свабодны творчы конкурс у рамках цыкла творчых мерапрыемстваў «Студэнцтва - Году культуры» прайшоў 12 красавіка 2016 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Удзельнікі конкурсу падрыхтавалі мастацкія нумары, прысвяціўшы іх творчасці знакамітых людзей Беларусі. Студэнты, навучэнцы Гуманітарнага і Тэхналагічнага каледжаў, а таксама вучні Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў г. Гродна прадставілі публіцы беларускія народныя танцы і песні, тэатралізаваныя нумары па матывах твораў беларускіх пісьменнікаў, прачыталі рэп і вершы нацыянальных паэтаў.

Лепшымі былі прызнаныя студэнты факультэта мастацтваў і дызайну. Яны выступілі з арыгінальным папуры на песні беларускага ансамбля «Песняры».

Другое месца заняла каманда юрыдычнага факультэта. Студэнты праспявалі «Чырвоную ружу» Уладзіміра Мулявіна, тым самым прысвяціўшы свой творчы нумар знакамітаму беларускаму песняру.

Трэцяе месца было аддадзена камандзе факультэта эканомікі і кіравання. Студэнтка факультэта парадавала залу пяшчотным выкананнем беларускай народнай песні «Купалінка».

Менавіта гэтыя нумары, на думку журы, мелі мастацкую і выхаваўчую каштоўнасць, арыгінальнасць мастацкага і рэжысёрскага рашэння, выразнасць увасаблення сцэнарнага матэрыялу, добрае музычнае афармленне, годныя дэкарацыі. касцюмы і тэхнічнае абсталяванне. Пераможцы прадэманстравалі на высокім узроўні сваё акцёрскае майстэрства, вакальныя дадзеныя і харэаграфічныя здольнасці.

Наступныя конкурсы марафону пачнуцца 19 красавіка. У гэты дзень выступяць чарлідарскія групы факультэтаў, каледжаў і школ горада, акрамя таго, удзельнікі марафону прадэманструюць сваю спартыўную падрыхтоўку ў рамках цыкла ваенна-спартыўных мерапрыемстваў «Да абароны Айчыны гатовы».

Сачыце за правядзеннем марафону на сайце нашага ўніверсітэта!