Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 05 Красавік 2016 08:43

У ГрДУ імя Янкі Купалы вызначылі лепшы інавацыйны маладзёжны праект

13705 22222У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 31 сакавіка 2016 года прайшла абарона найбольш цікавых і перспектыўных маладзёжных праектаў, якія распрацавалі студэнты нашай ВНУ.

Студэнты прапанавалі інавацыйныя ідэі для роднай альма-матэр, горада і іншых абласцей: стварэнне спецыяльнай свабоднай лабараторыі для студэнтаў, дзе яны змогуць у хатняй абстаноўцы падрыхтавацца да заняткаў, арганізацыя на ўсіх факультэтах папулярных клубаў настольных гульняў, навуковых лабараторый, забаўляльных цэнтраў, якія падтрымліваюць КВЗ , правядзенне маладзёжных форумаў, рэканструкцыя архітэктурных помнікаў краіны і шэраг іншых ідэй.

Эксперты - намеснік прарэктара па навуковай рабоце - начальнік навукова-даследчай часці Антон Анатольевіч Глазеў, начальнік аддзела электронных камунікацый Цэнтра па сувязях з грамадскасцю Аляксандр Тадэвушавіч Ёда, сакратар ПА/РК ГА «БРСМ» Андрэй Генадзевіч Есін, намеснік старшыні прафкама студэнтаў Наталля Алегаўна Крупіца, начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў Алена Станіславаўна Пацько і супрацоўнікі УВРзМ - вызначылі лепшых.

Пераможцам конкурсу, на думку журы, стаў студэнт 5 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Міхаіл Ярмоленка з праектам «Экалагічная ініцыятыва» па арганізацыі збору, захоўвання і транспарціроўкі выкарыстаных аўтапакрышак.

Другое месца прысудзілі камандзе студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, якія прадставілі праект «Трыпутнік». Дзяўчыны прапанавалі некалькі канструктыўных ідэй па развіцці велаінфраструктуры горада.

У тройцы лепшых праектаў апынулася ідэя студэнтаў педагагічнага факультэта «Арт-пікнік», якія выступілі з ініцыятывай па развіцці талерантнасці паміж здаровымі дзецьмі і дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Студэнты адзначылі, што гэта магчыма толькі пры цесным кантакце ўсіх бакоў у рамках сумесных акцый, майстар-класаў, заняткаў і пікнікоў.

У намінацыі «Лепшы ІТ-праект» прыз дастаўся камандзе факультэта матэматыкі і інфарматыкі з дадаткам - даведнікам па Гродне «Travelia: турыстычны Гродна». Дзякуючы распрацоўцы купалаўцаў турысты змогуць у рэжыме афлайн даведацца пра славутасці горада і атрымаць даведачную інфармацыю пра культурна-забаўляльныя установы. У якасці прыза ад прафкама студэнтаў каманда атрымала запрашальныя білеты ў кінатэатр г. Гродна.

Лепшай студэнцкай навуковай ініцыятывай быў прызнаны праект каманды юрыдычнага факультэта. Студэнткі выказалі неабходнасць стварэння навукова-даследчай лабараторыі па пытаннях узаемадзеяння прававых сістэм сучаснасці.

Спецыяльны прыз ГА «БРСМ» дастаўся студэнтам факультэта матэматыкі і інфарматыкі, якія прапанавалі арганізаваць ва ўніверсітэце цэнтр вольнага часу «WAYF» для развіцця руху КВЗ, а таксама аб'яднання ўсіх калектываў ВНУ ў адзін творчы актыў.

Пераможцам і прызёрам конкурсу ўручылі дыпломы і грашовыя прызы ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама каштоўныя падарункі ад прафкама студэнтаў і кіраўніка праекта "Жывая гісторыя".