Дэлегат Усебеларускага народнага сходу ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы - рэктар Ірына Кітурка правяла сустрэчу з працоўным калектывам па выніках палітычнага форуму.
На пачатку свайго выступлення Ірына Фёдараўна адзначыла, што дэлегатам Усебеларускага народнага сходу адведзена значная роля ў грамадстве, якая заключаецца ва ўдзеле кіравання дзяржавай. Таксама яна падкрэсліла, што УНС з'яўляецца так званым гарантам грамадзянскага міру і згоды.
– Ва Усебеларускім народным сходзе прынялі ўдзел больш за тысячу абраных дэлегатаў, якія прадстаўлялі ўсе пласты грамадства і розныя ўзроставыя катэгорыі. Перада мной як дэлегатам ад універсітэта стаіць задача - данесці асноўныя тэзісы сходу не толькі да моладзі, але ў першую чаргу да тых, хто моладзь выхоўвае і хто на яе ўплывае, – сказала Ірына Фёдараўна.
У ходзе свайго выступлення яна прывяла словы Прэзідэнта, які, робячы 30-гадовы экскурс у гісторыю развіцця краіны, звярнуў увагу на істотныя нагоды для гонару. Напрыклад, за гэты час у два разы знізілася злачыннасць, у дзевяць разоў стала ніжэйшай злачыннасць, якая ўчыняецца ў стане алкагольнага ап'янення; сёння мы займаем чацвёртае месца ў свеце па экспарце мяса-малочнай прадукцыі, 20-е месца ў свеце па камфортнасці мацярынства, і нават лідзіруем па асваенні космасу. Усё гэта з'яўляецца заслугай усяго народа. Ад імя Кіраўніка дзяржавы Ірына Фёдараўна перадала словы падзякі на адрас ветэранаў працоўнага калектыву і супрацоўнікаў, якія сёння сваёй дзейнасцю ствараюць краіну.
Ірына Фёдараўна расказала аб асноўных мерапрыемствах ВНС, у ходзе якіх былі прыняты лёсавызначальныя рашэнні для краіны. Так, у першы дзень паседжання прайшлі выбары старшыні VII Усебеларускага народнага сходу. Адзінагалосна ім быў выбраны Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Менавіта ён стаў ініцыятарам ВНС у 1996 годзе, калі неабходна было дасягнуць згоды паміж Вярхоўным Саветам і Кіраўніком дзяржавы.
Самыя галоўныя рашэнні былі прыняты ў другі дзень працы дэлегатаў. Асноўным вынікам пасяджэння другога дня стала зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая вызначае стратэгічныя прыярытэты і меры па забеспячэнні бяспекі краіны.
Рэктар адзначыла, што ў многіх дзяржавах такія дакументы засакрэчаныя, з'яўляюцца дзяржаўнай тайнай. На тэрыторыі ж нашай краіны іх прыняцце суправаджалася шырокім абмеркаваннем. Яна падзякавала ўсім купалам, якія прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі:
– Прыемна, што наш універсітэт удастоіўся гонару стаць першым універсітэтам, які правёў дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Затым іх было праведзена больш за сотню, але пачалося абмеркаванне такога важнага дакумента менавіта ў нас.
Нагадаем, у Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі вызначаны дзевяць напрамкаў: палітычная, эканамічная, навукова-тэхнічная, сацыяльная, дэмаграфічная, ідэалагічная, інфармацыйная, ваенная і экалагічная бяспека. Праект Канцэпцыі быў у адкрытым доступе, і ўсе ахвочыя маглі стаць удзельнікамі яе абмеркавання.
Гаворачы аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны, якую на ВНС прадстаўляў Міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, Ірына Фёдараўна адзначыла, што пазіцыя Рэспублікі Беларусь заключаецца ў міралюбнасці. Наша краіна ні да аднаго народа не ставіцца як да ворага, нягледзячы на дзеянні іх урадаў. Рэктар працытавала словы Кіраўніка дзяржавы «мы не імкнёмся быць моцнымі гэтага свету, але мы хочам быць моцнымі ў імя СВЕТУ».
– Час выбірае кожнае пакаленне для вызначанай мэты. Калісьці час абрала нашых дзядоў, прадзедаў для таго, каб у самай страшнай вайне яны абаранілі перамогу, затым час абрала пакаленне для ўзнаўлення ад пасляваеннай разрухі, на змену прыйшло пакаленне для засваення космасу. А зараз час абраў нас для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны: акрамя нас у нашай Радзімы нікога няма, – падкрэсліла рэктар.
Ірына Фёдараўна перадала аўдыторыі эмацыйны настрой сталічнага мерапрыемства і скончыла свой выступ фразай «Час выбраў нас!», якая стала лозунгам VII Усебеларускага народнага сходу 2024 года.