У журы фестывалю-конкурсу, які ладзіць ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі СМІ рэгіёна, выкладчыкі кафедры журналістыкі, а таксама паспяховыя ўдзельнікі фестывалю мінулых гадоў.
Пачаўся фестывальны дзень урачыстай цырымоніяй адкрыцця, дзе арганізатары і журы павіталі юнакоў і дзяўчат. Да ўдзельнікаў таксама звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Яна нагадала, што некалі «МЕДЫЯСФЕРА» пачыналася як універсітэцкі праект, які здолеў дасягнуць рэспубліканскага маштабу.
– Вельмі важна, што моладзь не толькі спажывае медыякантэнт, але і актыўна далучаецца да яго стварэння. Штогод на фестываль прыходзіць мноства якасных і крэатыўных работ, якія прысвечаны пэўнай тэматыцы. На гэты раз фестываль праводзіцца ў год, аб'яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Годам якасці, і прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі. У Беларусі няма ніводнай сям'і, якой бы не закранула вайна, таму вельмі важна, каб будучыя пакаленні не забылі подзвіг продкаў, – адзначыла Ірына Кітурка. Таксама рэктар зачытала прывітальны адрас да прыватнікаў «МЕДЫАСФЕРЫ» ад Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца.
Адным з ключавых момантаў урачыстай цырымоніі адкрыцця стала прэзентацыя міждысцыплінарнага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які рэалізуецца ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з Пракуратурай Гродзенскай вобласці.
Пасля цырымоніі адкрыцця адбыўся прагляд і абмеркаванне творчых работ фіналістаў. Падчас абмеркавання праектаў аўтары маглі задаць пытанні членам журы, атрымаць кампетэнтны каментар ад спецыялістаў.
А заўтра пройдуць майстар-класы ад прафесіяналаў у сферы масмедыя ў трох напрамках: «Аўдыёвізуальныя СМІ», «Тэхніка і тэхналогіі сучаснай журналістыкі», «Сучасныя рэкламныя і PR-камунікацыі». Кіраўнікі творчых груп прымуць удзел у круглым стале «Новыя медыя як пляцоўкі для рэалізацыі маладзёжных праектаў». Завершыцца фестываль цырымоніяй узнагароджання пераможцаў VI Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2024».